Адметнасці ўвасаблення вобраза Францыска Скарыны ў беларускай паэзіі ХХ – пач. ХХІ стст.

М.І. Кірушкіна,

аспірант кафедры беларускай літаратуры

Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны,

магістр філалагічных навук

 

УДК 821.161.3’06-1:002.2:655.11:008*Ф.Скарына

 

У артыкуле разглядаюцца адметнасці ўвасаблення вобраза Фанцыска Скарыны ў паэзіі ХХ – пач. ХХІ стст. Выразныя намінацыі ўсходнеславянскі асветнік набывае ў лірычных творах М. Танка (вандроўнік), Ул. Караткевіча (выгнаннік), Н. Гілевіча (гуманіст-летуценнік), Л. Рублеўскай (садоўнік) і інш. Маральна-этычны і духоўны свет лірычнага героя (гуманіста) ствараецца паэтамі пасродкам выкарыстання дакладных дэталей і мастацкага вымыслу.

Ключавыя словы: лірычны герой, Францыск Скарына, канкрэтна-фактаграфічныя дэталі, мастацкі вымысел.

The article considers the peculiarities of realization of Francisk Skorina image in poetry of the 20th-21st centuries. The east-European enlightener is named in a number of various ways in lyrical works by M. Tank (the traveller), V. Korotkevich (the exile), N. Gilevich (the humanist-dreamer), L. Rublevskaya (the gardener) and other poets. The moral ethic and spiritual world of the lyrical character (the humanist) is created by poets owing to specific details and artistic imagination.

 

У беларускай паэзіі ХХ – пач. ХХІ стст. вобраз Францыска Скарыны – гэта носьбіт эмацыянальна-эстэтычных якасцей, характарыстык, якія вызначаюць ідэйныя асаблівасці паэтычнага твора. У вершах ён спачатку выступае як “голас” паэта, а потым ператвараецца ў лірычнага героя. Таму суб’ектыўна-вобразныя адносіны аўтара і лірычнага героя (Ф. Скарыны) становяцца галоўным “перажываннем” усяго лірычнага тэксту. У беларускай паэзіі геніяльная постаць Скарыны стала адлюстраваннем старажытнага і адначасова новага досведу пра беларускую гісторыю і культуру.

У вершах беларускіх паэтаў акрэсленага перыяду, у якіх увасоблены вобраз усходнеславянскага асветніка, лірычны герой мае пэўныя намінацыі. Разгледзім галерэю вобраза / -аў Ф. Скарыны ў беларускай паэзіі ХХ – пач. ХХІ стст. Вершы паэтаў характарызуюцца індывідуальна-аўтарскім даследаваннем унутранага стану лірычнага героя (асветніка) гістарычнай эпохі XVI ст.

“Доктар лекарскіх навук”. У вершы “Безнадзейнасць” М. Багдановіч перадае  атмасферу мінулых часоў, ілюструе абставіны, на фоне якіх адбываецца раскрыццё ўнутранага стану першаасветніка:

Скарына, доктар лекарскіх навук,

У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.

Яны спрыяюць! Час! 3 рухавых рук

Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.

І ўраз пабачыў ён, што ізумруд

Ў пярсцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,

Што блеску ў ім німа… І з болем тут

Ён зразумеў, што ўжо к жыццю не вараціцца [1, с. 34].

Паэт адлюстроўвае глыбокае, дэталёвае веданне фактаў мінуўшчыны, што надае малюнкам быту канкрэтны і каларытны выгляд. Ідэя вершаванага твора заключаецца ў тым, што гісторыя і культура ў сваім развіцці праходзяць “шлях па крузе”, не падуладны жаданням і спадзяванням чалавека. Лірычны герой разумее, што ўсяму надыдзе канец. І таму М. Багдановіч не памыліўся, калі яшчэ раз звярнуў увагу на атрыманую Скарынам адукацыю доктара лекарскіх навук.

Удакладняючы паэтычнае азначэнне паэта-кніжніка, адметную характарыстыку вобраза асветніка стварае і Л. Геніюш. Паэтка апісвае эпізод з жыцця Скарына, калі ён атрымаў дыплом доктара лекарскіх навук у Падуанскім універсітэце: “Заціхлі званы, адбылася імша, // йзноў спевы гучаць на лаціне. // Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша, // палачанін, Францішак Скарына…” [2, с. 117]. Дадзенае званне “доктар медычных навук”, “першы доктар на Усходзе Еўропы” [2, с. 117] у паэтычных развагах Л. Геніюш дало першадрукару славу і моц для таго, каб працягнуць пошук ведаў і мудрасці. Але ў вершаваным тэксце паэткі вобраз Ф. Скарыны набывае і аблічча абаронцы і служкі Адраджэння, які дзеля адукацыі і навукі “і першую кнігу на мове сваёй // друкуе нашчадкам” [2, с. 117]. У вершы Л. Геніюш думкі, перажыванні, гісторыя, сузіранне і дзеянне прысутнічаюць у спалучальным паміж сабой варыянце, дзе медыятарам з’яўляецца вобраз Францыска Скарыны, які адлюстроўвае і ўвасабляе, акрамя эмацыянальнай сферы, сюжэтную карціну лірычнага твора.

Гуманіст-летуценнік. Н. Гілевіч у вершы “Мара” ілюструе асноўныя жаданні асветніка-гуманіста: “Марыў калісьці славуты Скарына, // “Ціснучы” кнігі на мове бацькоў: // Простаму люду ў роднай краіне // Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў” [3, с. 39]. Паэт выкарыстоўвае тыя звесткі аб жыцці і дзейнасці беларускага тытана адраджэння, калі асноўнай яго мэтай было ўсведамленне ролі друкаванай кнігі ў жыцці чалавека і ўсяго народа. Скарына выступаў за распаўсюджванне пісьменства і ведаў, але (што найбольш важна) звяртаў увагу на ўзаемаадносіны паміж людзьмі, на тыя маральныя арыенціры, якія робяць асобу сапраўдным чалавекам, – дабрыню, гатоўнасць дапамагаць іншым нават у самую цяжкую хвіліну, працавітасць, павагу адзін да аднаго. Францыск Скарына сваёй кнігавыдавецкай дзейнасцю сцёр мяжу паміж панамі і сялянамі: “Сталі даступнымі простаму люду //  Мудрасці скарбы са свету ўсяго  – // Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды // Болей не зведала доля яго!” [3, с. 39].

Думкі і погляды асветніка дапамагалі простым жыхарам гарадоў і вёсак у штодзённых справах, а звяртаючыся да Бібліі ці Псалтыра, яны знаходзілі яго мудрасць у некалькіх надрукаваных радках.

Асветнік. Падкрэслівае значнасць дзейнасці Скарыны-асветніка і гуманіста і Д. Бічэль: “Супраць здзірства сабой пратэстую. // Супраць невукаў-ваяўнікоў, // што Скарынаву кнігу святую // запіхнулі між тоўшчы вякоў [4, с. 29]. Паэтка звяртае нас да думкі, што друкаваныя кнігі Францыска Скарыны з’яўляюцца сімвалам яго патрыятызму. Тэксты Святога Пісання выяўляюць індывідуалізм і наватарства сына Полацкай зямлі. Д. Бічэль падкрэслівае той факт, што скарынаўскія друкаваныя тэксты – гэта самая вялікая каштоўнасць для кожнага беларуса. Напэўна, кожная кніга асветніка – увасабленне той часткі душы майстра, дзе ён схаваў нешта незвычайнае, нябачнае.

Зварот да асветніка рэалізуецца і ў вершы Э. Акуліна “Францішак Скарына”: “Цэлы горад схіліў калені, // калі голас пачуўся Твой… // Ты з’явіўся ў пару зацьмення, // каб народ асвяціць сабой” [5, с. 7]. Абапіраючыся на прынцыпы гуманізму, Скарына раіў жыць па запаведзях Божых, паважаць сябе і сваю Радзіму. Паэт, выкарыстойваючы культурна-гістарычныя дадзеныя, надае вобразу першадрукара якасці “святога” ў межах асветы і навукі.

Падкрэслівае значэнне дзейнасці Скарыны як асветніка і першадрукара і А. Аркуш: “Мы нашчадкі Скарыны, і слова яго // Нас вяртала здалёк да сваіх берагоў” [6, с. 160]. Большую частку свайго жыцця, як усім вядома, Францыск Скарына прысвяціў друкаванню Бібліі і тлумачэнню яе простаму народу. Адзіная яго мэта была дапамагчы звычайным, “паспалітым” людзям пераадолець усе цяжкасці жыцця, якія былі наканаваны ім лёсам. Уся праца першадрукара, які зрабіў важны крок у станаўленні мовы і літаратуры, культуры і рэлігіі, была прысвечана свайму народу.

Друкар. За працай у якасці друкара паказвае Ф. Скарыну Г. Бураўкін у вершы “Полацкая балада”, у якім можна ўбачыць стомленага, але шчаслівага чалавека, які адначасна з’яўляецца і штукаром, і майстрам, атрымліваючы асалоду ад якасна выкананай друкарскай работы: “I не проста ўжо рыпнуў запознены крок, // I дымком пацягнула ад фабрык – // Гэта рыпнуў Скарыны друкарскі станок, // Гэта пахне друкарскаю фарбай” [7, с. 26]. У мастацкім асэнсаванні паэта вобраз асветніка ўражвае як сваёй класічна-ўзнёслай высакароднасцю, так натуральнымі рысамі і дзеяннямі звычайнага чалавека: “Рукавом выцер потны, задумлівы твар, // Стаў пад лютаўскім ветрам, ля сходак, // З хрустам плечы расправіў стамлёны друкар, // Мой разумны, няўрымслівы продак” [7, с. 26]. Трэба адзначыць, што Г. Бураўкін па-майстэрску правільна дадае паэтычнае азначэнне “стамлёны” для характарыстыкі вобраза Ф. Скарыны. Таму ў вершы паэта рэалізаваны статычны вобраз першадрукара, які мае права на развіццё і пераўвасабленне ў межах паэтычнага твора, то бок змяненне сваёй першаснай ролі.

А вобраз майстра і творцы слова ўвасабляе М. Танк: “Гравюры Скарыны! // Ён выразаў іх // На спаконвечным // Дрэве гісторыі // Свайго народа, // Хоць мог падабраць // І больш падатлівы, // І больш удзячны // Матэрыял” [8, с. 130]. Паэт сцвярджае, што след, пакінуты Скарынам, ні знішчаць ні ворагі, ні забыццё.

Вандроўнік. У паэтычным асэнсаванні М. Танка у вершы “У Татрах”            Ф. Скарына паўстае вандроўнікам-уцекачом, вандроўнікам-выратавальнікам неацэннага скарбу – кніг Святога Пісання на роднай мове. Асветнік насуперак забароне духавенства нясе простым людзям навуку, кнігу: “Заўсёды кніга нараджае кнігу // Больш дасканалую, бліжэйшую да праўды” [9, с. 173]. Перакладаючы тэксты Святога Пісання для беларусаў, першадрукар не ўзвышаў свой народ над іншымі, ніколі ён не лічыў сваю гісторыю ці культуру, мову ці традыцыі лепшымі за іншыя. Скарына ніколі не запыняўся на дасягнутым, заўсёды імкнуўся наперад да новых ведаў, да нечага незвычайнага, да нечага такога, чаго яшчэ ніколі ў сваім жыцці не бачыў – да “нараджэння новай кнігі”.

Кантэкст падарожжа выкарыстоўвае і Л. Сільнова, калі асэнсоўвае дзейнасць асветніка. Толькі ў творчым ракурсе паэткі знаходзяцца кнігі Скарыны, якія вандруюць па ўсім свеце: “Пачаўся ў кніг вандроўны век, // каб стаўся мудрым чалавек. // Аб’яўлены Скарына // Святло – усім! – пакіне [10, с. 9]. Сапраўды, беларуская Біблія стала другой у славянскім свеце друкаванай Бібліяй. Простая і дасціпная, яна дапамагла людзям зберагчы веру і заклала асновы адраджэння рэлігійнага жыцця.

Выгнаннік. Выкарыстоўваючы пэўныя гістарычныя звесткі з жыцця               Ф. Скарыны, арыгінальны вобраз асветніка-выгнанніка з роднай зямлі стварыў У. Караткевіч: “Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне. // Па волі зямных багоў // Спалілі браты-хрысціяне // кнігі пра Бога свайго” [11, с. 63]. Пісьменнік ілюструе той эпізод з жыцця ўраджэнца Полацка, калі Скарына быў вымушаны пакінуць радзіму. А тыя скарынаўскія кнігі, якія пры яго жыцці былі спалены як ерэтычныя, праз некалькі стагоддзяў выкарыстоўваліся ў афіцыйных хрысціянскіх абрадах і набажэнствах. Таму, не без падстаў, можна лічыць, што Ф. Скарына як “суб’ект вечнасці” спрабаваў дасягнуць той кропкі чалавечага існавання, дзе галоўным пажаданнем народу было бы сцвярджэнне думкі аб тым, што рэлігія – гэта аснова жыцця.

Садоўнік. Л. Рублеўская апісвае апошні перыяд жыцця Скарыны ў Празе на пасадзе садоўніка ў каралеўскім садзе Фердынанда: “Пан садоўнік, столькі сілаў // Ты ахвяраваў асвеце, // Каб зрабіўся іх магілай // Каралеўскі сад – і вецер [12, с. 26]. Паэтка дэманструе марныя вынікі асветніцкай дзейнасці Скарыны ў канцы яго жыцця: “Пан садоўнік, пан Скарына // Па алеях саду крочыць” [12, с. 26]. Францыск Скарына расчыніў дзверы новай эпохі беларускага самаўсведамлення, але апошнія гады свайго жыцця прысвяціў зусім іншай справе.

Такім чынам, у беларускай паэзіі ХХ – пач. ХХІ стст. адраджэнне беларускага мінулага рэпрэзентуецца праз вобраз вядомага першадрукара і асветніка, які можа набываць розныя аўтарскія характарыстыкі. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што ў беларускай паэзіі паэты праілюстравалі вобраз сінкрэтычнага лірычнага героя, які своеасабліва суадносіцца са сваімі ўнутранымі адчуваннямі і знешнімі – аўтарскімі. А ўвасобленыя ў вершах “іншыя вобразы” – гуманіста-летуценніка, вандроўніка, абаронцы роднага слова, друкара, садоўніка – гэта адметная “маска” аднаго канкрэтнага вобраза – Францыска Скарыны.

 

Спіс літаратуры

1 Багдановіч, М. Творы / М. Багдановіч; уклад., камент. Ю. Пацюпы; навук. рэд. А. Ліс. – Мінск : Маст. літ., 2014. – 670 с.

2 Геніюш, Л. Гасціна : Выбранае / Л. Геніюш; уклад. З. Пазняк. – Мінск : Маст. літ., 2000. – 382 с.

3 Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Н. Гілевіч; уклад., камент. Н. Гілевіча; прадм. У. Конана. – Мінск : Кнігазбор, 2009. – 600 с.

4 Бічэль, Д. Снапок : Выбраныя вершы / Д. Бічэль. – Мінск : Маст, літ., 1999. – 446 с.

5 Акулін, Э. Крыло анёла : вершы, акрапаэма / Э. Акулін. – Мінск : Маст. літ., 1995. – 211 с.

6 Аркуш, А. Песьні ля Замкавай гары / А. Аркуш. – Полацк : Выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда”, 2015. – 216 с.

7 Бураўкін, Г. Выбраныя творы / Г. Бураўкін; уклад., камент.                                Г. Бураўкіна; прадм. У. Някляева. – Мінск : Кнігазбор, 2009. – 536 с.

8 Танк, М. Збор калосся : Вершы / М. Танк. – Мінск : Маст. літ., 1989. –     302 с.

9 Танк, М. Выбранае / М. Танк; прадм. В. Зуёнака. – Мінск : Маст. літ., 1993. – 335 с.

10 Сільнова, Л. Францыск Скарына : падарожжа на Радзіму / Л. Сільнова // ЛіМ. – № 41. – 2012. – С. 9.

11 Караткевіч, У. Выбраныя творы / Уладзімір Караткевіч; уклад., прадм., камент. А. Вераб’я. – Мінск : Кнігазбор, 2005. – 672 с.

12 Рублеўская, Л. Шыпшына для Пані : вершы і эсэ / Л. Рублеўская. – Мінск : Маст. літ., 2007. – 254 с.