“Шла сула да ўздоўж села…”

28 лютага ў апошні каляндарны дзень зімы ў выставачнай зале ГДУ імя Францыска Скарыны ў рамках экспазіцыі “Маркаўскаму роду няма пераводу” адбылося цікавае мерапрыемства, прысвечанае абраду ваджэння сулы.  Нагадаем, што гэту персанальную  выставу падрыхтавалі брат і сястра Віктар і Вольга Шыпковы.  Вольга — студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф. Скарыны, якая разам з братам на працягу дзесяці гадоў шукала і збірала каштоўныя экспанаты.

Сярод запрошаных гасцей былі загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Валянціна Станіславаўна Новак і загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Міхайлавіч Цалка. Студэнты з цікавасцю слухалі іх паведамленні аб сутнасці рытуалаў, звязаных з абрадам  ваджэння сулы, семантыцы  ваджэння карагода вакол дзетак, якія павінны былі знаходзіцца ў цэнтры і якіх падкідвалі ўгору, што сімвалізавала ў мясцовай традыцыі ўраджайнасць і дабрабыт. Лакальную спецыфіку гэтага ўнікальнага абраду, які рыхтуецца для ўнясення ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, раскрыў Віктар Уладзіміравіч Шыпкоў, адзін з арганізатараў выставы.

Яніна Гулевіч,
лабарант кафедры
беларускай культуры і
фалькларыстыкі

 img_20180228_141319

img_20180228_142109

img_20180228_144105

img_20180228_145142

nn503-1