ГДУ імя Ф. Скарыны ў новай энцыклапедыі “Францыск Скарына”

У самы пярэдадзень Новага, 2018 г., у год 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання ўбачыла свет новая энцыклапедыя “Францыск Скарына”. Матэрыялы яе размешчаны на 568 старонках. Яна багата ілюстраваная і маляўніча аформлена. У параўнанні з энцыклапедычнымі даведнікамі 1988 і 1990 гг. яна істотна дапоўнена многімі, выяўленымі і створанымі пазней каштоўнымі матэрыяламі. Да прыкладу, больш поўна адлюстраваны еўрапейскія гарадыі ўстановы, у якіх Скарына пакінуў сляды, арыгінальныя кнігі Скарыны, помнікі, мемарыяльныя дошкі…

У энцыклапедыі прадстаўлены таксама некаторыя скарыназнаўцы ГДУ імя Ф. Скарыны і сам універсітэт. Як адзначана на адвароце тытульнага ліста, “выданне падрыхтавана сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны (падкрэслена намі. К.У.), Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы”. У рэдакцыйную калегію энцыклапедыі ўваходзіў і 1 прадстаўнік нашага ўніверсітэта (аўтар дадзеных радкоў).

У гэтай змястоўнай кнізе пра Ф. Скарыну змешчаны шэраг артыкулаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў ГДУ імя Ф. Скарыны: дацэнта гістарычнага аддзялення гісторыка-філалагічнага факультэта ў 70-х гадах мінулага стагоддзя У.У. Багамольнікава (“Геаграфічныя назвы ў выданнях Ф. Скарыны”, с. 122 – 123, перадрукаваны з папярэдняга энцыклапедыянага даведніка “Францыск Скарына і яго час” 1988 і 1990 гадоў выдання), дацэнта гістарычнага факультэта С.Ф. Верамеева (“Айцы царквы”, с. 14 – 15; “Усовіч К.С.”, с. 512; ), прафесара кафедры беларускай мовы В.А. Ляшчынскай (“Анічэнка У.В.”, с. 23 — 24), дацэнта гэтай жа кафедры Л.М. Мінаковай (“Парукаў, А.А.”, с. 386), былога дацэнта гэтай жа кафедры А.А. Парукава (“Мова Псалтыра Ф. Скарыны”, с. 356 – 357, перадрукаваны з папярэдняга энцыклапедычнага даведніка), загадчыка музея-лабараторыі Ф. Скарыны К.С. Усовіча (“Ахрыменка П.П.”, с. 39; “Музей-лабараторыя Ф. Скарыны”, с. 360; “Палкоўнічанка М.М.”, с. 379; “Штэйнер І.Ф.”, с. 549), рэктара ГДУ імя Ф. Скарыны, доктара фізіка-матэматычных навук С.А. Хахомава (“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”, с. 133 – 134). Акрамя гэтага, змешчаны артыкулы без пазначэння аўтарства: “Скарына і наш час” (с. 464) пра аднайменную міжнародную навуковую канферэнцыю, якая праводзіцца ў нашай ВНУ з 1999 г.; “Слоўнік мовы Скарыны” (с. 479), “Станкевіч А.А.” (с. 484, хаця артыкул напісаны Л.М. Мінаковай).

Прыемна таксама адзначыць, што ў энцыклапедыі надрукаваны выявы некаторых твораў мастацтва пра Ф. Скарыну, якія захоўваюцца ў экспазіцыі ці ў фондах музея-лабараторыі Ф. Скарыны: вымпел В.А. Асташонка “Францыск Скарына” (с. 35), ілюстрацыя М.C. Басалыгі да кнігі А.Л. Петрашкевіча “Напісанае застаецца: Францыск Скарына” (с. 44), гомельскі помнік Ф. Скарыну І.У. Голубева (с. 94, стаіць у корпусе № 1 ГДУ імя Ф. Скарыны), фота будынка галоўнага корпуса ГДУ імя Ф. Скарыны (с. 133), батык Л.І. Грыцэнка “Ф. Скарына” (с. 139), ілюстрацыі А.Ц. Зайцава да рамана М. Садковіча і Я. Львова “Георгій Скарына” (с. 182 ‒ 183), графіка Ю.І. Кухарава “Беларускі першадрукар доктар Францыск Скарына” (с. 313), медалі “Ф. Скарына” (с. 344), пласт А.І. Мірончыка “Францішак Скарына і Сімяон Полацкі” (с. 351), ілюстрацыя І.У. Немагая да кнігі С.К. Майхровіча “Георгій Скарына” (с. 370), бюст М.Л. Несцярэўскага “Францыск Скарына” (с. 371), бюст Ю.А. Платонава “Францыск Скарына” (с. 411), графіка С.П. Прывады “Францыск Скарына” (с. 427), графіка В.П. Шаранговіча “Францыск Скарына” (с. 542), жывапісны партрэт Л.Д. Шчамялёва “Францыск Скарына” (с. 551).

К.С. Усовіч, загадчык музея-лабараторыі Ф. Скарыны

ГДУ імя Ф. Скарыны.

 img_20171228_133734

img_20171228_133806