Як студэнты ГДУ імя Ф.Скарыны калядаваць хадзілі…

Гаманлівы напоўп пераапранутых калядоўшчыкау разам з сімвалам дастатку  і багацця – казой,  пад песні, з жартамі і танцамі завітаў у хату, каб пашчадраваць, павіншаваць гаспадароў з Калядамі, пажадаць шчасця і дабрабыту. А імправізаванай хатай, прыбранай у адпаведнасці са святочным навагоднім абрадам, дзе  быў падрыхтаваны стол з галоўнай стравай – кашай-куццёй, стала зала Гомельскай спецыялізаванай славянскай бібліятэкі. У ролі пастаноўшчыкаў і выканаўцаў тэатралізаванага свята «Каляды» выступілі першакурснікі спецыяльнасці «музейная справа  і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (культурная спадчына і турызм)» гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны.

Пабачыць прадстаўленне прыйшлі студэнты гуманітарна-эканамічнага факультэта БелДУТа, навучэнцы дарожна-будаўнічага  і  гандл ёва-эканамічнага каледжаў, туркменскія  студэнты з медыцынскага  ўніверсітэта, работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання  насельніцтва Навабеліцкага раёна.

Самадзейныя артысты стварылі для шматлікіх гледачоў, якія цікавяцца народнымі звычаямі і абрадамі, па-сапраўднаму  жывую атмасферу таго часу, у якім жылі нашы продкі.  Былі тут  варажба на сене, падкладзеным пад абрус на стале, дзе стаяла куцця, з  мэтай даведацца , «хто  даўжэй за  ўсіх будзе жыць», запрашэнне мароза гаспадарамі хаты « прыйсці куццю есці, каб не марозіў летам расады гародніны і даў добры ўраджай», «смерць казы», а затым  яе «ажыўленне», што ўвасабляла паміранне прыроды  зімой і яе  ўваскрэсенне з прыходам вясны, ушанаванне казы за яе  здольнасць  паляпшаць урадлівасць зямлі.

Студэнты падрыхтавалі свята пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі  Валянціны Новак. Рэжысёрам пастаноўкі стаў Павел Кастуноў. Гэты свой дэбют ён спалучыў з роляй  «чорта», які спрабаваў нашкодзіць калядоўшчыкам і гаспадарам.

—Невялікі акцёрскі вопыт дапамог мне ў рабоце над сцэнарыем,—гаворыць Павел. – Даводзілася выступаць на школьнай сцэне,  а зараз  займаюся ва  ўніверсітэцкім  тэатры «Если бы…». А каб сабраць неабходны матэрыял  пра  Каляды, перагледзеў   шмат тэматычнай літаратуры. Шчыра кажучы, вельмі хваляваўся, ці атрымаецца ўсё як след.

Ролі гаспадароў  выканалі Аляксадра Краўцова і Яўген Шапавалаў, іх дачкі – Ганна Краўчанка, павадыра – Алег Карповіч. Узнімала настрой гледачам  каза, у якую пераапрануўся  Раман Кузьмянок.  Выдатна пераўвасобіліся  ў  калядоўшчыкаў Юлія Яўстрацікава, Уладзімір Кавалёў, Юлія Прымачова, Ніна Амяльчук, Нікіта Цімашэнка, Сяргей Пазняк. Смачныя абрадавыя стравы з’явіліся на стале, дзякуючы кулінарным здольнасцям  Настассі  Мацвеенкавай. А  вядучымі свята  сталі Аліна  Кірбай і Рычард  Канцавы.

Студэнты таксама пазнаёмілі аўдыторыю з адметнымі рысамі, каларытам  святкавання Каляд у розных раёнах Гомельшчыны. У кожнай вёсцы свае асаблівасці, якія  зафіксаваны  падчас  палявых  эспедыцый  філолагамі  ГДУ і  ўвайшлі ў выдадзеныя зборнікі  і кнігі па  фальклорна-этнаграфічнай  спадчыне  пад рэдакцыяй  доктара філалагічных навук, прафесара Валянціны Новак.

Як адзначыла супрацоўніца спецыялізаванай славянскай бібліятэкі Святлана Дэй-Рачынская, мерапрыемствы па  папулярызацыі багатай духоўнай спадчыны Гомельшчыны сталі  ў сценах культурна-асветніцкай  установы Гомеля добрай традыцыяй. Інсцэніроукі студэнцкай  моладдзю святаў і абрадаў народнага календара дапагаюць захоўваць нашу генетычную памяць, яднаюць пакаленні.

                                                                                              Тамара ДУБЯК

                                   Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА

                                                                і Святланы ДЭЙ-РАЧЫНСКАЙ

dscn0794

dsc_3996

dsc_4018

dsc_4030

dscn0759

dscn0770

dscn0786