Усім нам свецяць словы Янкі Купалы

Многія з нас нарадзіліся або ўжо шмат гадоў жывуць у Беларусі і лічаць сябе грамадзянамі краіны блакітных азёр. Але, на жаль, не вельмі часта мы ўспамінаем класікаў беларускай літаратуры. Не ўсе памятаюць вершы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы. Выправіць становішча вырашылі філолагі нашага ўніверсітэта.

29 лістапада выкладчыкамі кафедры беларускай мовы была арганізавана акцыя “Чытаем Купалу разам”, якая прысвячалася 135-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага песняра. Ідэя правесці мерапрыемства належала прафесару Вользе Ляшчынскай, якая на працягу ўсяго жыцця займаецца вывучэннем творчасці пісьменніка.

З вершамі Янкі Купалы выступалі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, запрошаныя госці. Самая маленькая ўдзельніца акцыі – вучаніца 7 класа гімназіі № 71 г. Гомеля Паліна Буракова прапанавала слухачам знакаміты твор “А хто там ідзе?”, які быў перакладзены на 82 мовы свету. Верш таксама прагучаў на рускай, польскай, украінскай, італьянскай, турэцкай, французскай, нямецкай, туркменскай і кітайскай мовах.

У выкананні дэкана філалагічнага факультэта Алены Палуян гучаў урывак з паэмы “Безназоўнае”, дэкан юрыдычнага факультэта Ірына Эсмантовіч чытала верш “Лес”, лірычны твор “1914” прадставіў дэкан матэматычнага факультэта Сяргей Жогаль і іншыя.

Прыемна, што выкладчыкі – прадстаўнікі розных спецыяльнасцей ўніверсітэта адгукнуліся на прапанову Вольгі Ляшчынскай і прадэманстравалі сваё бачанне таго, як павінны гучаць вершы Янкі Купалы.

Вікторыя Сакалова

Фота Галіны Ласаевай

dsc_0092

dsc_0054

dsc_0055

dsc_0059

dsc_0062

dsc_0063

dsc_0065

dsc_0067

dsc_0069

dsc_0074

dsc_0077

dsc_0082

dsc_0083

dsc_0084

dsc_0088

dsc_0090

dsc_0091