Асоба планетарнага маштабу, або Геаграфія жыццяпісу Францыска Скарыны

К.С. Усовіч

 

Асоба планетарнага маштабу, або

Геаграфія жыццяпісу Францыска Скарыны

 

УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”,

usovich*gsu.by

 

Аннотация

В статье по мере возможности рассмотрен географический аспект жизни и деятельности Ф. Скорины, а также отмечено, в каких странах и учреждениях находятся сохранившиеся экземпляры оригинальных изданий, как увековечена память о Ф. Скорине, в каких городах и странах и по каким вопросам он бывал.

 

Геаграфічны аспект жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны найбольш поўна і яскрава можна прасачыць па назвах гарадоў і краін. Апошнія падзяляюцца на тры групы: 1) гарады і краіны, у якіх бываў, жыў і працаваў Ф. Скарына; 2) гарады і краіны, у якіх увекавечана памяць Ф. Скарыны; 3) гарады і краіны, у якіх зберагліся і захоўваюцца выданні Ф. Скарыны. Некаторыя з трэцяй групы гарадоў і краін уваходзяць адначасова ў абедзве першыя групы. Дапаўняюць гэты пералік гарады і краіны, якія Ф. Скарына ўпамінае ў сваіх выданнях і прадмовах да іх.

 

  1. Гарады, у якіх Ф. Скарына нарадзіўся, быў або працаваў

Сюды ўваходзяцць наступныя гарады і краіны: Рэспубліка Беларусь (Полацк), Літоўская Рэспубліка (Вільнюс), Расійская Федэрацыя (Масква, Калінінград), Рэспубліка Польшча (Кракаў, Познань), Федэратыўная Рэспубліка Германіі (Вітэнберг), Чэшская Рэспубліка (Прага). Усяго – 6 краін і 8 гарадоў.

Разгледзім больш падрабязна знаходжанне Скарыны тут.

Рэспубліка Беларусь

Полацк.

Тут прыкладна ў 1490 г. Ф. Скарына нарадзіўся, яму ўстаноўлены адзін з самых лепшых помнікаў, яго імя носіць педагагічны каледж, гімназія №1, у Музеі беларускага кнігадрукавання адкрыта асобная скарынаўская экспазіцыя.

Літоўская Рэспубліка

Вільня (Вільнюс).

У часы Скарыны Вільня была сталіцай Вялікага княства літоўскага, рускага і жамойцкага. Сюды часта прыязджаў, тут ажаніўся і жыў, у 1521 – 1525 гг. працаваў у сваёй друкарні, выдаў “Малую падарожную кніжку” і “Апостал”. Ва ўнутраным дворыку на месцы, дзе знаходзілася друкарня Ф. Скарыны, устаноўлены помнік і мемарыяльная дошка першадрукару. 3 17 чэрвеня 1532 г. да 1535 г. працаваў сакратаром і асабістым лекарам віленскага біскупа  Яна.

Расійская Федэрацыя

Масква (сталіца Рускай дзяржавы).

         На думку некаторых скарыназнаўцаў (Сымона Брагі і іншых), Ф. Скарына ў канцы 1520-х ‒ пачатку 1530-х гг. прыязджаў сюды са сваімі кнігамі, каб распаўсюдзіць іх сярод насельніцтва. Сустрэлі яго тут непрыязна, назваўшы яго кнігі ерэтычнымі.

Кёнігсберг (зараз – Калінінград). У той час гэты горад быў сталіцай Прускага герцагства. У 1530 г. Ф.Скарына прыехаў сюды з мэтай працягу кнігавыдавецкай справы, некаторы час служыў у прускага герцага Альбрэхта.

Рэспубліка Польшча

Кракаў у часы Скарыны быў сталіцай Польскага каралеўства.

У гэтым горадзе ў 1504 – 1506 гг. вучыўся ў мясцовым Ягелонскім універсітэце (акадэміі). Пасля сканчэння яго 14 снежня 1506 г. Ф. Скарыну прысвоена вучоная ступень бакалаўра вольных мастацтваў.

Познань

Тут у 1529 г. памёр яго старэйшы брат Іван, купец. Скарына сюды прыязджаў неаднаразова. У канцы сакавіка ці пачатку красавіка 1532 г. Скарына знаходзіўся ў турэмным зняволенні за даўгі свайго брата-нябожчыка Івана.

Федэратыўная Рэспубліка Германіі

Вітэнберг

         У адпаведнасці з адной нядаўняй гіпотэзай, Ф. Скарына наведаў гэты горад у 1517 г.

Чэшская Рэспубліка

Прага.

Тут, у сталіцы тагачаснага Чэшскага каралеўства Скарына здзейсніў свой самы вялікі жыццёвы подзвіг – у 1517 – 1519 гг. надрукаваў на тагачаснай беларускай мове першыя кнігі для самаадукацыі, навукі і культуры, а таксама (з 1535 г.) жыў у апошні перыяд свайго жыцця, працуючы вучоным садоўнікам у пражскім батанічным садзе. На месцы гэтага сада устаноўлены валун з мемарыяльнай дошкай, а дзе знаходзілася памяшканне з першай Скарынавай друкарняй, у 1996 г. былў устаноўлены помнік Ф. Скарыну. У гэтым горадзе (хутчэй за ўсё) Ф. Скарына і памёр (у канцы 1551 г.).

 

  1. Гарады, у якіх увекавечана памяць Ф. Скарыны.

У гэтай групе налічваецца менш краін ‒ усяго 4, але затое больш гарадоў – 15, асноўная колькасць якіх – у Рэспубліцы Беларусь (11).

Рэспубліка Беларусь.

Брэст. Вуліца імя Ф. Скарыны. Віцебск. Вуліца імя Ф. Скарыны. Глыбокае. Вуліца імя Ф. Скарыны. Гомель. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны (імя прысвоена Саветам Міністраў БССР 29 лістапада 1988 г.), двухмятровы гіпсавы пормнік у першым корпусе ўніверсітэта (устаноўлены ў 2001 г.), мемарыяльная дошка на фасадзе галоўнага корпуса (устаноўлена ў 1998 г.). Жодзіна. Вуліца імя Ф. Скарыны. Ліда. Устаноўлены помнік. Мінск. Праспект Францыска Скарыны (з 1991 па 2005 гг.; да гэтага праспект імя І.В. Сталіна, Ленінскі праспект (да 1991 г.). Былы Старабарысаўскі тракт, побач з якім знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка, у 2005 г. атрымаў назву “Праспект Францыска Скарыны”. Вуліца імя Ф. Скарыны (названа ў 1990 г., калі святкавалася 500-годдзе Ф. Скаорыны, да гэтага – вул. Акадэмічная). Помнікі ў двары БДУ,  каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў Купалаўскім скверы. Гімназія № 1 імя Ф. Скарыны. Нясвіж. Вуліца імя Ф. Скарыны. Орша. Вуліца імя Ф. Скарыны. Слуцк. Вуліца імя Ф. Скарыны. Талачын. Вуліца імя Ф. Скарыны.

Злучаныя Штаты Амерыкі.

Нью Ёрк.

Існуе Беларускі Інстытут навукі й мастацтва. Тут таксама сабрана багатая бібліятэка беларускай савецкай, сучаснай і эмігранцкай літаратуры, у тым ліку пра Скарыну.

Рэспубліка Польшча.

Бельск-Падляшскі. Ёсць вуліца імя Ф. Скарыны. Кракаў. У Ягелонскім універсітэце ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Вялікабрытанія.

Лондан. Тут шмат гадоў працуе

Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны з вялікім фондам беларускай літаратуры розных часоў і краін. У тым ліку шмат кніг пра Ф. Скарыну.

 

  1. Гарады і краіны, у якіх ёсць арыгінальныя выданні Ф. Скарыны

Як агульнавядома, па шматлікіх параметрах кнігі Скарыны – выключная зʻява ў сусветнай культуры. Яны таксама ўяўляюць велізарную культурную і гістарычную каштоўнасць. Да нашага часу ў бібліятэках і музеях свету захавалася 240 экзэмпляраў пражскіх выданняў і больш чым 150 экзэмпляраў – віленскіх. Па гарадах і краінах яны размяркоўваюцца наступным чынам: Расійская Федэрацыя: Казань (1 у навуковай бібліятэцы Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта), Масква (82 экз. у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, 83 экз. у Дзяржаўным гістарычным музеі, 4 у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава, 15 у Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў), Санкт-Пецярбург (80 у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, 8 у бібліятэцы РАН), Саратаў (2 у навуковай бібліятэцы Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Р. Чарнышэўскага), Суздаль (5 ва Уладзіміра-Суздальскім музеі-запаведніку), Цюмень (5 у краязнаўчым музеі); Рэспубліка Беларусь: Мінск (16 у Нацыянальнай бібліятэцы), Рэспубліка Украіна: Закарпацце (5 у Дзяржаўным краязнаўчым музеі), Кіеў (9 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН РУ), Львоў (18 у Музеі украінскага мастацтва, 1 у Дзяржаўнай навуковай бібліятэцы АН РУ), Адэса (7 у Дзяржаўнай навуковай бібліятэцы); Літоўская Рэспубліка: Вільнюс (1 у бібліятэцы Акадэміі навук); Рэспубліка Польшча: Вроцлаў (8 у бібліятэцы Вроцлаўскага ўніверсітэта), Кракаў (13 у бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта); Вялікабрытанія: Кембрыдж (1 у бібліятэцы Кембрыджскага ўніверсітэта), Лондан (2 у бібліятэцы Брытанскага музея); Каралеўства Данія: Капенгаген (18 у каралеўскай бібліятэцы), Рэспубліка Славенія: Любляна (2 у бібліятэцы мясцовага ўніверсітэта).

Такім чынам, найбольшая колькасць кніг Скарыны захавалася ў рэспубліках былога Савецкага Саюза, а сярод іх – у Расійскай Федэрацыі. З яе гарадоў у гэтым сэнсе на першым месцы стаіць Масква, на другім – Санкт-Пецярбург. У роднай для Ф. Скарыны Рэспубліцы Беларусь ёсць толькі 17 кніг.

 

Асобна стаіць самае вялікае ўвекавечанне памяці Ф. Скарыны. Іменем першадрукара названа малая планета № 3283, адкрытая савецкім астраномам М.І. Чарных. Але гэта ўжо не зямная геаграфія, а касмічная.

 

  1. Геаграфічныя назвы ў выданнях Ф. Скарыны

У тых кнігах “Бібліі”, якія Ф. Скарына выбраў для перакладу на беларускую мову ў якасці падручнікаў для адукацыі, утрымліваецца больш назваў гарадоў і краін, чым у тых, якія ён абышоў сваёй увагай. Зразумела, што такіх геаграфічных назваў шмат і ў прадмовах Ф. Скарыны да сваіх кніг. Найбольш распаўсюджаныя назвы выявіў і даў кароткае апісанне ім былы дацэнт былога гісторыка-філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны У.У. Багамольнікаў [1: 292 – 293]. Амаль усе, за некаторымі выключэннямі, выявіў былы загадчык кафедры беларускай мовы, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага сектара гэтага ж універсітэта, вядомы скарыназнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР У.В. Анічэнка ў 3 томе “Слоўніка мовы Скарыны” [2]. У асноўным гэта назвы гарадоў, радзей краін і мясцовасцей. Толькі на літару А іх налічваецца 117. У якасці ўзору прывядзем 10 радкоў на літару А:

Абель – ізраільскі горад, Ава – вавілонскі або месапатамскі горад, Аваалгад – ліванскі горад, Аваль – ізраільскі горад, Авамотваль – маавіцкі горад, Аўдон – горад пакалення Насера, Авел (Авель) – ізраільскі горад на поўнач ад возера Мерома, Агеірамон – ізраільскі горад пад уладаннем сыноў Іудзіных, Агіалон – ізраільскі горад уладання пакалення Дана, Агікалон – ізраільскі горад, Адада – ізраільскі горад уладання роду Іудзіна, Адаім – горад пакалення Насера, Адама – горад уладання роду Нефталіма, Адамеск – горад на паўднёвы ўсход ад Мёртвага мора, Аддор – мясцовасць у Ідумеі, на поўдні Палесціны, Адомін – горад роду Нефталіма, Адэса – горад уладання сыноў Іудзіных, Адулямсохаць – іудзейскі горад, Адытаім – горад уладання сыноў Іудзіных… [2: 8 ‒ 19].

Такім чынам, краіна з назвай Скарыназнаўства займае значную геаграфічную тэрыторыю, якая раскінулася на некалькі кантынентаў. Цэнтр і асноўная частка яе знаходзіцца, як вядома, у Еўропе.

Калі прасачыць геаграфію былых і цяперашніх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, скульптараў, гісторыкаў, філолагаў, філосафаў, культуролагаў і г. д., што “жылі ці жывуць” у скарыназнаўстве, дык яна будзе яшчэ шырэйшай, больш канкрэтнай, паглыбленай, нагляднай і зробіць на нас яшчэ большае ўражанне, а феномен Скарыны – яшчэ больш велічным.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

  1. Богомольников, В.В. Географические названия в изданиях Ф. Скорины / В.В. Богомольников // Франциск Скорина и его время: энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энциклопедия; Редкол. И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. – Минск: Белорусская Советская Энциклопедия им. Петруся Бровки, 1990. – С. 292 – 293.
  2. Слоўнік мовы Скарыны. – Т. 3: Анамастыка і тапаніміка / Склад. У.В. Анічэнка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1994. – 318 с.
  3. Франциск Скорина и его время: энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энциклопедия; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. – Минск: Белорусская советская энциклопедия им. Петруся Бровки, 1990. – 631 с.: ил.